Жыхары вёскi Валмечка
Людзі чакалі аўталаўку, і мы змаглі пагаварыць адразу з усімі.
Раней гэта была вялікая вёска, людзей жыло шмат. Была моладзь, было весела: клуб, танцы. Вяселлі гралі, хрэсьбіны святкавалі разам усёй Валмечкай. Паступова вёска стала выміраць, моладзь з’язджала ў горад, старыя адзін за другім сыходзілі з жыцця. Зараз тут шмат дачнікаў. Мясцовы жыхар з сарказмам адзначыў, што вёска адраджаецца: прыехалі дачнікі, кожны будуе сабе баню, прабівае калодзеж, людзі ёсць.
Узгадалі, што ў раёне была вёска Шляшчыншчына, з яе людзей перасялялі на хутары, а потым з хутароў сказалі ўсім зноў вяртацца ў вёскі. Гэтыя людзі засяліліся ў Валмечку. За Польшчай былі гэтыя хутары, а потым ужо вёска.
Ранейшую мяжу з Польшчай і зараз можна пазнаць, хоць яна і зарасла кустарнікам. Гэта лясная паласа, што ідзе побач з Валмечкай. За мяжой знаходзілася вёска Кавальцы. Раней на прыгорку стаялі бочкі, гэта быў польскі пост.
Тэрэса Іванаўна, нарадзілася ў 1941 г.
Спачатку вучылася ў Праўжалах, потым у Волме. Узгадвае, што ў школе было шмат дзяцей. Зімы былі не тыя, што зараз. «Хадзілі па гэтуль у снезе» (паказвае на грудзі). Да школы даводзілася ісці 5 кіламетраў. Усе прадметы выкладаліся па-беларуску. Руская мова была дадатковым прадметам.
Алена Канстанцінаўна
Прыехала ў госці з суседняй вёскі Волмы да сваёй сяброўкі Юзэфы Амяльянаўны. У сям’і Алены Канстанцінаўны было 8 дзяцей, пяцёра ўжо памёрлі.
У размове Юзэфы Амяльянаўны час ад часу праскоквала асцярога, што інфармацыя трапіць кудысьці не туды. Але Алена Канстанцінаўна жартавала: чаго баішся, на гадок раней, на гадок пазней – усё адно паміраць. Больш турбуе тое, што адбываецца. На іх думку, моладзь сёння не разумее кошт рубля. Успаміналі, як раней яны цяжка працавалі. Моладзь так ніколі не працавала… А яны ўсё рукамі рабілі. Калі з’явілася кукуруза, і яе рукамі збіралі. З раніцы збіралі лён. А калі раса высыхала, жаткі рабілі. Працавалі за працадні. Не вырабіш працадні — нічога не заплацяць. Напрыканцы года ўстанаўлівалі норму, прыкладна 20 капеек за працадзень. Колькі за год вырабіў, столькі і атрымаеш. І зерне давалі столькі, колькі калгас вырашыць. Таму людзям даводзілася працаваць у калгасе за працадні і пры гэтым трымаць сваю гаспадарку, каб выжываць. Зарплату не кожны месяц атрымлівалі. Гэта пазней з’явілася. Плацілі вельмі мала. Спачатку 8 рублёў, потым 12 на месяц.
У 8 класе Алена Канстанцінаўна ўставала а 4–5-й гадзіне раніцы, паліла печ, карову выганяла ў поле, абед варыла бацькам, потым ішла ў школу.
Сена ніхто не даваў, гэта таксама пазней з’явілася. Каб карову трымаць, сена трэба было самому касіць: не пракорміш карову, самому не будзе чаго есці. Садзілі не 5 сотак бульбы, а 50. Пад каня. Рукамі саджалі і выкопвалі. А цяпер моладзь жыве за плячыма бацькоў.
Юзэфа Амяльянаўна
У яе бацькоў было 4 дзяцей: 3 дачкі і сын. Зараз засталіся ў жывых толькі яна і сястра. У самой Юзэфы Амяльянаўны трое дзяцей, нядаўна яна пахавала дачку, вочы былі заплаканыя. Але таксама паўдзельнічала ва ўспамінах пра работу.
Увогуле ўсе жыхары вёскі вясёлыя, таварыскія. Былі гатовы паразмаўляць па-польску. Юзэфа пачала нешта гаварыць, а іншыя сталі наперабой узгадваць польскія словы. Падышлі астатнія мясцовыя, пасыпаліся кпіны: «А як па-польску, па-беларуску будзе «радуга», «беседка»?». Людзі весяліліся, смяяліся.
У вёсцы захаваліся гумно і старая стайня, якую будавалі пры Саветах. Каля стайні заўсёды збіралася моладзь. Былі вясёлыя паходы ў клуб.
Гумно засталося яшчэ ад пана Вальковіча. Самога пана ў вёсцы не бачылі, зрэдку прыязджаў. Непадалёку жыве мужык, чый бацька быў аканомам пры гэтым пане.
Узгадвалі, што была абора — месца, дзе стаяла жывёла, насупраць гумна. Будыніна потым згарэла.
Наша размова скончылася, калі прыехала аўталаўка. Усе падхапіліся, каб нешта купіць. «Усталі, дык ногі ўжо не ідуць». Пажадалі адзін аднаму здароўя і разышліся.