Жыхары вёскi Вірлавічы

Вікенцій Вікенцьевіч, 80 гадоў

Увесь час у размове баяўся сказать штосьці лішняе, таму што шмат каго з родных, з суседзяў забралі пры Саветах: кагосьці забілі, кагосьці арыштавалі і пасадзілі на 10 гадоў. Кажа, незразумела, чыя праўда была.

За панамі ў яго было багата зямлі, некалькі гектараў, якія трэба было апрацоўваць. Працавалі вельмі шмат. Прачыналіся а пятай, а клаліся спаць апоўначы. Саветы нарэзалі ўчасткі, і мець больш за 3 соткі было нельга. Усё абклалі падаткам: калолі кабана, частку мяса аддавалі на падатак. У ягонай сям’і забралі каня і карову.

Бедна жылі. Лепш жылі тыя сем’і, дзе было шмат дзяцей, а значыць, і рабочай сілы.

Расказваў, як хлопцам хадзіў па хлеб у краму ў суседнюю вёску. Браў булку белага і чорнага. Пакуль дадому ішоў, палову з’ядаў. А дома браты і сёстры галодныя…

Побач з вёскай у гаі ёсць равы, дзе былі акопы і бліндажы. Кажуць, што дзесьці там танк патануў і ляжыць да гэтай пары.


Ягоны бацька быў баяністам. Сёння граў для партызанаў, а заўтра мог граць для немцаў. Так прыстасоўваўся да жыцця.

Як быў малады, людзей у вёсцы было шмат. Гулялі вяселле, прыходзілі людзі з іншага канца вёскі, потым біліся…

Жыхары вёскі Вірлавічы


Па словах мясцовых жыхароў, назва вёскі пайшла ад віроў, якіх шмат на рацэ Валмянцы.

Таксама на ёй знаходзілася шмат панскіх млыноў. Летам яны не працавалі, бо колькасць вады змяншалася. За панамі многія сяляне непісьменныя былі. Жылося цяжка, працавалі шмат. Жалі сярпамі. Пана Рылінскага мясцовыя называлі фашыстам, таму што ён змог дамовіцца з немцамі і пасля вайны ўцёк. Потым яго знайшлі ў Польшчы.

Вось што расказалі некаторыя жыхары:


— Бацька працаваў у Нямеччыне на мясцовага «паньчыка». Іх вызвалілі англічане, і ён змог вярнуцца дадому. Вярнуўся, а хаты няма. Фашысты спалілі ўсю вёску.

— Усё жыццё працаваў трактарыстам. Зараз ногі баляць. Жыццё цяжкае. Дзеці працуюць у Івянцы. Ездзяць туды на «матоцыку». (Вельмі саромеўся казаць, што дачка займаецца камерцыяй, прадпрымальніцтвам. Прадае вяскоўцам тавары, якія не прывозяць у аўталаўках і якіх няма ў мясцовых крамах).

— Вучыўся ў школе ва Уроцлавічах. Даводзілася ўставаць рана, увосень і ўвесну ў гэты час было яшчэ цёмна. Бралі паходню, макалі ў салярку, падпальвалі і так ішлі.


Жыхары ўзгадвалі школу ў Шакуцях. Там можна было вучыцца да 7 класа. Калі кто хацеў скончыць 10, то хадзілі ў Івянец. Там нават інтэрнат быў. Але не ўсе маглі там вучыцца. Туды ішлі разумнейшыя.

Раней было шмат снегу. Іншы раз так засыпала, што на месяц вёска была адрэзаная ад наваколля, нічога нельга было прывезці. Нават адвезці малако было складана, а часам і немагчыма.

Ферма развалілася яшчэ пры Саветах. Цяпер у вёсцы няма дзе працаваць. Але кусок хлеба ёсць. «Што яшчэ трэба? Навошта нешта мяняць?» — кажуць мясцовыя.


Калісьці Вірлавічы былі злучаныя з вёскай Лінцава. Там стаялі хутары. Як нехта сказаў, «да халеры хат было». Жылі там старыя бабкі. Зараз той вёскі ўвогуле няма. Бабулі паўміралі, а хаты іх папрадавалі. Некаторыя двары ў Вірлавічах таксама закінутыя – бо старыя паміраюць.


Раней мужыкі абкошвалі ўзбочыны дарогі і гэтай травой кароў кармілі. Сёння ў вёсцы засталася адна карова. І ўсе бяруць у яе гаспадара малако, масла, тварог. У краме не купляюць. Усе жыхары Вірлавіч, у асноўным, сваякі паміж сабой.

Мясцовы пан (не памятаюць прозвішча) пахаваны ў Рубяжэвічах. Было нейкае свята, дык нейкія нелюдзі з Рубяжэвічаў адкапалі магілу, чэрап надзелі на кол. За гэты здзек усе ўдзельнікі атрымалі па 7 гадоў зняволення.


Некаторыя двары ў вёсцы закінутыя. Старыя паміраюць. У асноўным усе жыхары сваякі паміж сабой.


Раней мужыкі абкошвалі ўзбочыны і гэтай травой кароў кармілі. Сёння ў вёсцы засталася адна карова. І ўсе бяруць у яе гаспадара малако, масла, тварог. У краме не купляюць.


Меню