Жыхары вёскi Замасцяны

Тэрэза, каля 55-60 гадоў
Як яна распавяла, што дом належаў яшчэ яе маме. Тая нарадзіла яе ў 50 год, недзе каля 1940 г. Зямлі ў іх было шмат, але за панамі жылося цяжка. Потым прыйшлі Саветы, іх тут называлі «башлыкамі». Перад мамай Тэрэзы стаяў складаны выбар. Родныя з’язджалі, а ў яе захварэла немаўля. Пры панах давялося б усё прадаць, каб заплаціць дактарам за лячэнне сына, а пры Саветах яго бясплатна вылечылі. Гэта змяніла яе стаўленне да новай улады. Усе родныя паехалі за мяжу, а яны з сынам засталіся. І не шкадуюць. Кажуць, што іх участак лепш за Амерыку. «Вось наша Амерыка», — паўтарала Тэрэза, паказваючы на свой участак з домам.

Алена Антонаўна, 80 гадоў

Выйшла да нас басанож. Размаўляла, перабіраючы саломінку, хвалявалася, была нешматслоўнай. Побач круціўся яе кот.

Пра сям’ю ўзгадвала як пра інтэлігентную і заможную. Яе тата заўсёды добра апранаўся. Пасля прыходу савецкай улады ў вёсцы з’явіліся банды, іх дом абрабавалі. Прыйшлі ўначы, паднялі і забралі ўсё, што было. У сваіх успамінах не так радасна адзывалася пра прыход Саветаў, як яе суседка: раней была свая зямля, а Саветы яе адабралі.

Жыццё было цяжкім. Яна скончыла толькі 7 класаў. Старэйшыя браты і сёстры паступілі вучыцца, а ёй давялося працаваць, утрымліваць сям’ю. Алена Антонаўна шмат працавала: простым работнікам на ферме, на кансервавым заводзе ў Івянцы.
На пытанне, ці шчаслівая яна тут, адказала, што рада, бо ёсць дзеці, якія ёй дапамагаюць, 7 унукаў, 7 праўнукаў.
Тэрэза Вацлаваўна і яе сын Віктар

На панадворку ў нашых суразмоўцаў — тры сабакі на ланцугу, якія ўвесь час брахалі. Расказвалі, як адзін сабака прыбіўся: ні прагнаць, ні забіць, так і жыве ў іх. Усіх кормяць. А яшчэ тры каты: то адзін падыдзе да бабулі, яна яго на рукі возьме, пагладзіць, то другі…

У Віктара дзве педагагічныя адукацыі. Ён цікавіцца гісторыяй свайго краю, паказваў нам раздрукоўкі, рэдкія выданні. А яшчэ Віктар — калекцыянер старадаўніх рэчаў. Дастаў з пуні і паказаў нам старое радыё, гадзіннік, падсвечнік.



Бацька Віктара быў ветэрынарам-самавукам, да якога звярталіся з усіх навакольных вёсак. А яшчэ паляўнічым. Праўда, да аднаго выпадку. На паляванні на яго выскачыў заяц, сеў перад ім і глядзеў на яго … Бацька падняў ружжо. А заяц усё глядзіць, не ўцякае… Бацька не змог стрэліць. З таго часу больш на паляванне не хадзіў.

Калісьці ў гэтай мясцовасці было шмат млыноў. На мяжы ўчастка быў млын, праз дарогу — яшчэ адзін. Былі млыны і ў Старынках (вёска непадалёк). На млынах служылі браты Бушылы. У 1943 г. яны намалолі мукі для партызан. За гэта немцы іх расстралялі.
Непадалёк знаходзілася сядзіба пана Судніка. У яго быў свой сырзавод, возера, з лесу цякла крынічка. Вада халодная, чыстая. Тут наогул было шмат крыніц, з іх і складаецца рака Валмянка. Пан да сваёй сядзібы правёў вадаправод (больш за кіламетр) па драўляных жалабах.
Тэрэза Вацлаваўна служыла ў пана Судніка кухаркай.

Яе сям’я мела вялікі кавалак зямлі. Пры бальшавіках усё прапала, але сядзіба, дзе яна служыла, нейкім цудам ацалела, хоць і разрабаваная. Аднойчы прыйшлі туды партызаны, знайшлі патэфон. Сталі пытацца, дзе кружэлкі дя яго. А Тэрэза не ведала, бо была проста наймічкай, служанкай. У яе ўжо быў маленькі сын, і яны проста там жылі пасля таго, як паны ўцяклі ад вайны. Яна і ведаць не магла, дзе тыя кружэлкі… За яе камандзір заступіўся, таму і не расстралялі.

Віктар памятае вялікія склепы, сутарэнні, дзе яны гулялі дзецьмі. Зараз іх ужо няма… Увогуле было шмат дамоў з сутарэннямі, а цяпер толькі ў іх ёсць склеп.
За панскім часам у кожным двары было гумно, свіраны, дзе захоўвалася мука. З прыходам бальшавікоў усё знікла. Тыя проста разбіралі гэтыя пабудовы і выкарыстоўвалі бярвенне на свае патрэбы.
Вайна амаль не закранула гэтыя мясціны. Немцы не часта завітвалі ў Замасцяны. Яны больш хадзілі па вёсках, што стаялі бліжэй да лесу. Бо ў лясах былі партызаны, і яны, расказваюць старажылы, забіралі ў людзей апошнюю правізію. А немцы вынішчалі вёскі, якія дапамагалі партызанам.
Раней у вёсцы была капліца. Па расказах, якія памятае Віктар, дзесьці там жыла графіня. У 1961–1963 капліцу разбурылі. Нанова адбудавалі ў 2000 г., але выглядае яна інакш.
Побач з капліцай быў прытулак для бесхацінцаў. Мясцовыя туды прывозілі рэчы, дапамагалі ім.

У Замасцянах адны з самых старых могілак. Пахаванні на іх датуюцца 1850-мі гадамі. Мы пабывалі там. Бачылі шмат камянёў, на якіх ледзь-ледзь можна прачытаць надпісы. Таксама ёсць магіла генерала царскай арміі. Родныя яе рэстаўравалі, але таблічку не вярнулі, імя прачытаць немагчыма. Надмагілле — самае вялікае на могілках.



Большасць жыхароў Замасцян з’ехалі ў Польшчу, рассеяліся па Заходняй Еўропе. Вёска ўжо не тая. Зараз тут шмат лецішчаў, а іх уласнікі не вельмі гаваркія.
Гісторыя пра мост праз раку Валмянку
Па вёсцы прайшла чутка, што немцы будуць адступаць праз Замасцяны, і партызанам загадалі спаліць мост праз Валмянку. Мясцовых мужыкоў папрасілі занесці сена пад мост, а ў патрэбны момант падпаліць. Партызаны падпалілі мост, на коней — і цякаць! А мужыкі стаяць, назіраюць, што будзе далей. Ніхто не ведаў, якое падраздзяленне немцаў тут будзе адступаць, можа, вёску спаляць. А немцы, падышоўшы да маста і ўбачыўшы, што ён гарыць, проста перайшлі раку ўброд. Рака была плыткая, вады па калена. Немцы перайшлі яе ды схаваліся ў Налібоцкай пушчы. А мужыкі хутчэй мост ратаваць, выцягваць з-пад яго сена, якое ўжо добра гарэла. І мост выратавалі!