Жыхары вёскi Залатары

Зайшлі ў хату да Леанарды Аляксандраўны. З аднаго боку яе хаты — стары ганак, нахіленая лавачка на двух бярозавых пяньках. З другога боку — ганак навейшы.

…Да яе якраз прыехалі сын з нявесткай і ўнукам. Нявестка аказалася вельмі гаваркой…
Леанарда Аляксандраўна выйшла да нас у старым футры, вязаных на шыдэлку шкарпэтках. Вельмі добразычлівая і дабрадушная, запрашала ў дом. Прапанавала пачаставацца яблыкамі, якія сёлета вельмі ўрадзілі. Нават сына ў склеп па іх адпраўляла. Размаўляла на беларуска-польскай трасянцы. Першае, што пачулі: «Маме дзевяноста два гадочкі».

Прозвішча Леанарды Аляксандраўны — Залатарэвіч. Кажа, што назва вёскі ад прозвішча.

Чуе яна дрэнна, таму, калі жадалі ёй здароўя ці хацелі нешта запытацца, яна казала, што нічога не чуе і ўвесь час за гэта выбачалася.

Яе маці памерла ў 58 гадоў. У самой Леанарды Аляксандраўны два сыны і дачка. Пералічвала, хто дзе жыве: хто ў наваколлі, хто ў Івянцы. Расказала, што сын служыў у Ленінградзе, але падрабязнасцей мы не даведаліся.

Немцы абышлі гэтую вёску, а суседнія Скірмантава і Кавальцы гарэлі. Сын расказваў, што ў чэрвені 1941 г. немцы хадзілі купацца да ракі побач з іх домам. Калі туды прыходзілі дзеці, то немцы частавалі іх цукеркамі.

Падчас вайны сям’я Леанарды Аляксандраўны была ў Налібоцкай пушчы. Яе брат ваяваў, дайшоў практычна да Берліна, быў паранены, пазбавіўся вока. За ўсё жыццё нават шклянога так і не змог паставіць.

Узгадвала пра вёску Кавальцы, вядомую на ўсё наваколле санкамі розных памераў і коньмі. З усяго раёна людзі прыязджалі туды катацца на санках. Такая была забава, свайго роду адпачынак. Дзеці Леанарды Аляксандраўны таксама туды ездзілі.

Наша гераіня вельмі любіць катоў:
— Прыгожыя коткі, хай жывуць, яны ж добрыя. Вось дзвюх маленькіх кацянят забралі ў Мінск.

Нявестка праводзіла нас да машыны. Расказвала мясцовыя гісторыі. Пра НЛА, якое бачыла побач з фермай. Бажылася, што кажа праўду. На тым месцы знайшлі паперку з незразумелымі літарамі. Паказалі яе начальніку фермы, потым яна згубілася, і той шкадаваў, бо хацеў аддаць яе на экспертызу.

Яшчэ расказала пра возера Кромань і пра кніжку ксяндза, што там патанула. Ксёндз ехаў спавядаць людзей, якія жылі каля возера, а без сваёй кніжкі не мог. Потым вадалазы тут нешта абследавалі і дна ў возеры не знайшлі. Возера без дна…
Вось такія мясцовыя байкі…