Жыхары вёскi Шыкуці

Сустрэлі ў вёсцы бацьку з сынам. Бацька ў шапцы, захутаны ў куртку з капюшонам, бо вуха баліць. Сказаў, каб не фатаграфавалі. Запыталіся, дзе жывуць старажылы, якія могуць што-небудзь расказаць. Яны сталі лічыць дамы, называлі імёны:
— Тут Гэля, Віця, потым «Міністр»…
— У вас міністр жыве?
— Гэта мянушка. Калісьці ён вазіў дырэктара на легкавіку, а раней легкавік — гэта ого-го, таму і «Міністр».


Міхаіл Казіміравіч, 83 гады

Мы доўга грукалі ў хату, нарэшце выйшаў гаспадар. З кіёчкам. Міхаіл Казіміравіч — старажыл, адзін з нешматлікіх, хто застаўся на вёсцы.
Ягоная гісторыя атрымалася даволі сумнай. І ў ёй шмат паралеляў з тым, што адбываецца зараз.
— Ну што вам расказаць? Не пражыў, хутчэй прамучыўся, — уздыхае Міхаіл Казіміравіч. — Адны ўспаміны — голад, холад, вайна. А вайна — гэта не піць, не есці, нічога. Выжывалі памаленьку, ягады збіралі, яшчэ тое-сёе. Зямля карміла. Сеялі, аралі, капалі. Ніякіх заводаў не было.
Міхаіл Казіміравіч нарадзіўся ў 1937 г. Тады ж у Шыкуцях пачала будавацца школа, дзе ён потым і вучыўся. Узгадваў, як паехаў у Комі працаваць:

— Хацелася прыгожа апранацца і абутак добры мець. «Грыз тайгу», лес валіў, потым сезон у Архангельску працаваў. Цяжка было. Не тое, што зараз: таньчаць з голымі пупамі і грошы за гэта атрымліваюць. Нам трэба было пілачкай пашураваць, тайгу валіць, рукамі зарабляць.
Слухаешь яго — і сэрца шчыміць. З яго слоў атрымлівалася, што жыццё такое кароткае, хуткаплыннае. А мы ўвесь час ад яго чагосьці чакаем. «Хочаш многа, будзеш мала мець. Так было, ёсць і будзе», — паўтараў ён.

У сваёй мове Міхаіл Казіміравіч ужывае шмат прымавак, прыказак, і нас вельмі ўразіла яго памяць: «Валяць на бурага, а буры звязе»; «Хочешь жить — умей вертеться»; «Адгэтуль не капне ў рот, не разiнайся з носа»; «Да свідання, дзеду, больш да цябе не прыеду».
Ён вельмі эмацыйна ставіцца да ўсяго, што бачыць вакол. Калгасныя палі зараслі пустазеллем, працы няма, яго гэта вельмі абурае: «Што за гаспадар такі, калі пры табе калгасы прыходзяць у заняпад? У Шыкуцях людзі заўсёды былі працавітыя. Іх карміла зямля, разлічвалі толькі на сябе. А гаспадары, што калгасамі кіруюць, нядбалыя, неруплівыя».
— Пенсію далі. Што за пенсія? Так, купіць малака ды булку. А кілбаску ў маім веку ўжо не належыць мець. Ад кілбасы ў старых у носе свішча. У краме ўсё ёсць. Толькі грошы трэба. Прыйшоў, і тое ўзяў бы, і гэтае. А мне няма за што. Завярнуўся, плюнуў, абцёрся ды пайшоў.
Ён разумее, што жыццё яго складанае. Тым не менш гэта жыццё, яно такое. І ўсміхаецца, ставіцца да гэтага па-філасофску: «Даводзіцца дажываць, як выпадае».

— У маіх бацькоў было 9 дзяцей: 2 хлопцы і 7 дзевак. Зараз нас засталося трое. А ў мяне толькі чацвёра дзяцей: тры сыны і дачка. У дзяцей і ўнукаў усё ёсць. Сыны працуюць шафёрамі, ва ўнукаў залатыя рукі.
Пры нас унук завітаў да дзеда, суп прынёс (ягонае лецішча побач у Шыкуцях знаходзіцца).
У горад Міхаіл Казіміравіч пераязджаць не хоча. Спрабаваў, але што там рабіць? Пакуль усе на працы, сядзець, у столь глядзець? А тут жыве ў хаце, якую пабудаваў уласнымі рукамі, ёсць банька, прырода. Як старому чалавеку, прывязанаму да свайго дому і зямлі, яму лепш у Шыкуцях. Хоць вёска і вымірае — зараз тут у асноўным дачнікі жывуць.
Расказваў пра дачку. Яна жыве ў Балгарыі, замужам за былым паслом. Зараз межы закрытыя, а ён вельмі хоча яе пабачыць. Эмацыйна расказваў, як стэлефаноўваліся, а зяць кажа: «Рады чуць ваш голас, вось бы яшчэ і пабачыцца». На развітанне мы пажадалі, каб лёс зрабіў яму такі падарунак — сустрэчу з дачкой…

…Мы пайшлі, але нешта спыніла мяне, і я вярнуўся. Каля хаты нікога ўжо не было, зайшоў унутр. Хата пахла печкай, старым чалавекам. Уклаў яму ў руку грошы. Ён устрапянуўся, маўляў, навошта, што за гэта трэба? Нічога, адказаў я, хай будуць на кілбаску…
Сёстры Таццяна і Алена

Вярнуліся пасля паходу ў грыбы. Вельмі гасцінныя. Запрасілі ў альтанку, пачаставалі кавай, цукеркамі, печывам…
Таццяна і Алена нарадзіліся ў Шыкуцях, хадзілі ў мясцовую школу. Зараз прыязджаюць з Мінска і вельмі любяць гэтыя мясціны. У рачулцы водзіцца стронга. У лясах растуць рыжыкі, а вядома, што яны растуць толькі там, дзе чыстая зямля. У наваколлі шмат казуляў, зайцоў. Яны нават забягаюць на ўчасткі. Калгас палі даўно не косіць, зайцы страх згубілі, не баяцца, падыходзяць блізка да жытла. На рэках развялося безліч баброў: уздоўж ракі было шмат дрэваў, але бабры ўсё пагрызлі.

Сёстры падкормліваюць тутэйшых сабак і катоў. Увогуле ўсе мясцовыя вельмі спачувальна ставяцца да жывёлаў.

Алена — педагог, Таццяна — медсястра. Іх мама была настаўніцай. Алена вучылася ў яе класе, у якім тады было 15 вучняў, а калі вучылася сястра — ужо 12. Абедзве з цеплынёй узгадваюць школу. У двары рос бэз, калі адчынялі вокны, ягоны пах панаваў у класе… Зараз будынак школы выкупілі ў прыватныя рукі. Там цяпер «Шанці-дом». Для мясцовых гэта адчувальна і хваравіта, таму што з будынкам адышла частка іх дзяцінства, частка іх жыцця.

— І зіма, і лета былі іншымі, — успамінаюць сёстры. — Узімку снегу было столькі, што завальвала плот, а ў школу хадзілі на лыжах. Здаралася, што снегам замятала дзверы. Але і думкі не ўзнікала, каб не пайсці на ўрокі. Летам было цяплей, чым зараз. Вакацыі пачыналіся з паводкай, бо рэчка разлівалася пасярод Шыкуцёў, і дзеці «з таго канца вёскі» не маглі трапіць у школу.

Падчас вайны немцаў у Шыкуцях не бачылі. А вось суседнюю вёску спалілі разам з жыхарамі. Знішчалі тыя вёскі, што былі бліжэй да лесу, бо партызанам дапамагалі.
У лясах былі атрады, якія былі ні за Саветы, ні за немцаў, а адстойвалі сваю нацыянальную прыналежнасць. Мясцовыя падкормлівалі іх.
Жанчыны расказвалі, што іх бабуля пахавала нейкага нямецкага салдата, але пра гэта доўгі час маўчала, баялася…
Да вайны ў суседняй вёсцы жыў пан Шыкуць, у якога служыла бабуля Алены і Таццяны, як і шмат хто з мясцовых. Увогуле людзі тут руплівыя, працавалі з раніцы да вечара. Зямля іх цалкам карміла. Адпачывалі толькі пасля заходу сонца. Адзіным светлым, свабодным ад працы днём была нядзеля, калі жыхары-каталікі хадзілі да касцёла ў Івянец. Белы касцёл вернікі ў свой час абаранілі ад знішчэння; на другі, чырвоны, мясцовыя, у тым ліку і бабуля Таццяны і Алены, збіралі грошы на аднаўленне.
Увогуле людзі тут руплівыя, працавалі з раніцы да вечара. Зямля іх цалкам карміла. Адпачывалі толькі пасля заходу сонца. Адзіным светлым, свабодным ад працы днём была нядзеля, калі жыхары-каталікі хадзілі да касцёла ў Івянец. Белы касцёл вернікі ў свой час абаранілі ад знішчэння; на другі, чырвоны, мясцовыя, у тым ліку і бабуля Таццяны і Алены, збіралі грошы для яго аднаўлення.
Таццяна замужам за ўраджэнцам Гомельскай вобласці. Калі яна туды ўпершыню прыехала, яе вельмі ўразілі адрозненні ў жыцці. Валожынскі раён адышоў да Саветаў пазней, чым Гомельская вобласць. Там ужо дзейнічалі калгасы, выдавалі сена, выдзялялі зямлю пад сенакос. Людзі больш адпачывалі. А тут людзі спадзяваліся толькі на сябе.
Кажуць, былі часы, калі не замыкалі хату: падапрэш дзергачом дзверы, і можна ісці. Людзі ведалі: ніхто ў хату не зойдзе. А у 1990-х гадах маглі тое, што на гародзе расло, скрасці, скаціну забраць. Часы былі нялёгкія. З’явіліся замкі…

Таццяна і Алена — прывабныя жанчыны, пазітыўна настроеныя. Вельмі ахайныя, сочаць за сваім знешнім выглядам. Здзівіла, што і ў грыбы з макіяжам хадзілі. Сустрэча атрымалася прыемнай. Яны запрашалі нас у кастрычніку, калі саспее каліна.


…Па дарозе ўбачыў, як людзі бульбу выбіраюць. Спыніўся сфатаграфаваць. Крыкнуў: «Дзякуй!». Дзяўчына ў адказ: «Я ненафарбаваная!»…
