Жыхары вёскi Хімароды

Вёска так называецца таму, што тут шмат людзей з прозвішчам Хімарода.


Сустрэлі Тадэвуша Вікенцьевіча. У вёсцы яго клічуць Тадэвуш “Касцюшка”.

Ён нарадзіўся ў 1954 г. у гэтай вёсцы і нават у той самай хаце, дзе зараз жыве. Вельмі прыемны і жыццярадасны чалавек. Калі нешта расказваў і гісторыя падавалася яму вясёлай, ён заканчваў яе такім «ха-ха-ха».


Усё жыццё працаваў на будаўніцтве кіроўцам. Будаваў дарогі. Скарыстаўся сітуацыяй і 28 гадоў таму паклаў каля сваёй хаты асфальт. Зараз ад яго засталіся адны рэшткі. А да вёскі да гэтай пары асфальтавую дарогу не могуць пакласці.


Вёска дружная: такі лапік зямлі, акружаны лесам. У вёску было два заезды, з аднаго боку зараз праехаць немагчыма. Была рачулка, праз яе масток, па якім хадзілі ў школу. Масток так і застаўся. Праз гэтую недасяжнасць мясцовыя называюць вёску Куба.



Тадэвуш Вікенцьевіч жыве на самай высокай кропцы вёскі, і яму бачна ўсё наваколле. Дарогу падсыпалі, раней спуск быў больш стромкі, у дзяцінстве любілі тут катацца на санках. Маразы стаялі пад 300, а ўхутаныя дзеці радасна з’язджалі на санках і каціліся вельмі далёка.


У школу пайшоў рана. Ён часта круціўся каля школы, настаўніца запыталася ў яго мамы, чаго ён тут бегае. Мама адказала, што вучыцца хоча. Яго і ўзялі ў школу ў 6 гадоў. Правучыўся 4 класы, потым хадзіў у суседнюю вёску, таму што ў Хімародах была толькі пачатковая школа.

Ягоны бацька быў 12-м дзіцём у сям’і, самым малодшым. За сталом усім нават месца не хапала, і ён сядзеў на каленях у бацькі. Ягоная бабуля (па татавай лініі) служыла ў пана. Уладкавала і яго туды на службу. У яго былі ключы ад студні. Набіраў ваду ў свідравіне. Тады вады больш нідзе не было, толькі адна студня, і ўсе там ваду бралі. І туды ж вадзілі кароў паіць.

Бацькі Тадэвуша Вікенцьевіча казалі, што пры панах жылося лепей. Але ён не ведае, ці гэта праўда. Пры Савецкім Саюзе ў вёску правялі электрычнасць, вадаправод. У побытавым плане стала лягчэй. А за панамі ў сям’і была ніва, і яны маглі там працаваць. Усё, што вырошчвалі, ішло ў сям’ю.


Ён паказаў нам свой участак. Жонка высаджвала кветкі, ён іх назваў вісюлькамі.

Тадэвуш Вікенцьевіч ляўшун. У школе перавучылі пісаць правай рукой, але працаваць яму лягчэй левай. Смяяўся, што часта, калі нейкую працу выканаць не могуць, клічуць яго, бо ён левай можа рабіць тое, што не робяць праўшуны. Зараз рука баліць, ён перажывае, што не можа працаваць. А трэба і зямлю апрацаваць, да зімы падрыхтаваць. Выйшаў на вуліцу пазбіраць арэшкаў з дрэва, потым іх высушыць, і «лузаць прыемна будзе».


Гасцінны, усмешлівы чалавек, але крыху саромеўся, што зубоў не хапае. Дзякаваў за цукеркі. Нас вельмі кранула, як ён узрадаваўся простым цукеркам, усё дзякаваў і не выпускаў з рук. Сказаў, што жонцы пакіне, бо гэта яе ўлюбёныя, «Аэрафлоцкія».

Падчас вайны ў лясах былі партызаны, якія часта рабавалі вёску. Людзі тут трымалі свіней, авечак, курэй, гусей. Тым партызанам не было чаго есці, дык яны цягалі ўсялякую жыўнасць, што сустрэнуць. Немцы знайшлі партызанаў у лесе. Зусім блізка ад Хімародаў расстралялі 20 чалавек, ёсць і магіла. У суседняй вёсцы таксама забілі каля 20 партызанаў.



На хатах у вёсцы — крыжы.


Тадэвуш Вікенцьевіч расказваў пра праваслаўнага святара, які пасяліўся ў вёсцы, дзе ўсе каталікі. Ён ладзіць дзіцячыя паходы, летнія лагеры. Служыў у той самай вайсковай частцы, што і Тадэвуш. Але гэта высветлілася пазней, калі святар прыехаў сюды, у Хімароды.

На каталіцкія святы прыязджае ксёндз, служыць імшу. Хадзіць да касцёла не трэба, вернікі збіраюцца тут, на адным з участкаў.

На заднім двары ў Тадэвуша ставяць шацёр. Спачатку моляцца, потым спяваюць пад гітару песні. Тут у вёсцы сваё жыццё.

Летам вёска ажывае, дзеці гойсаюць туды-сюды, жыццё віруе. Цэнтральная дарога нагадвае праспект: шмат машын ездзіць, асабліва па выхадных.


Рэгіна Казіміраўна і Леанід Сцяпанавіч


Бабуля на мыліцах. Яна была гатова падзяліцца гісторыямі, хацела расказаць нешта цікавае, карыснае, але крыху складана было разабраць, пра што яна гаворыць: гэта былі гісторыі пра нейкіх сваякоў, сяброў.


Яны з мужам прыехалі сюды адносна нядаўна. Раней жылі ў гэтым жа раёне, але ў іншым месцы. Выкупілі дом, які раней належаў яе мачысе. А мама памерла, калі Рэгіне Казіміраўне быў толькі адзін гадок.


Падчас вайны ў Хімародах было спалена шмат дамоў. Немцы сядзелі ў засадзе ў лесе і стралялі запальнымі патронамі па саламяных стрэхах, таму хаты і гарэлі. Такім чынам згарэў і іх стары дом, на месцы якога адбудавалі новы. Раней хата па плошчы была большай.


Вайну памятаюць часткова. Адна іхняя сваячка жыла ў Мінску на вуліцы Камсамольскай. Як пачаліся бамбёжкі, яна напісала і неяк перадала ў Хімароды ліст, у якім прасіла забраць яе з Мінска. Бацька запрог коней, і разам з братам паехалі па яе. Потым тая так і засталася тут жыць.


Узгадвае дзень, як немцы прыйшлі і забралі яе бацьку і цётку Веру. Выводзілі з хаты, піхалі ў спіну зброяй. Дзеці і ўсе родныя плакалі, што яны іх больш не ўбачаць. Але на наступны дзень тыя вярнуліся – «ішлі па полі, як галубкі». Бацька дажыў да 92 гадоў.

Расказвала пра суседа, у якога было двое сыноў. Адзін з іх служыў у Брэсцкай крэпасці. Казаў, што як пачалася вайна, усё кіраўніцтва знікла, паўцякала. Засталіся адны салдацікі, ды без начальства не ведалі, што рабіць. Праз гэта шмат хто ў лесе схаваліся.

Меню