Жыхары вёскi Душкава
Ганна Раманаўна
Сустрэла нас гасцінна, было бачна, што рада гасцям. Сказала, што вельмі любіць з людзьмі пагутарыць. Ёй падабаецца выйсці ў цэнтр вёскі: суседзі спыняюць, просяць пасядзець ды пагаварыць. Гэта адзін з яе любімых заняткаў.
Ганна Раманаўна пераехала ў Душкава з Гомельскай вобласці, з Палесся. Гэта чуваць па яе гаворцы з палескім акцентам: яна окае, праскокваюць украінскія словы. Сказала, што давялося пераехаць, бо рана стала сіратой. Дзяцінства ўзгадвае вельмі цяжка. Кажа, што зараз моладзь не такая здаровая і не вытрымала б тое, што перажыла яна. Калі выходзіла працаваць на снег нават у адной кашулі, магла нешта рабіць. Людзі тады былі звыклыя да холаду, непагадзі, цяжкай працы.
Лён даводзілася апрацоўваць рукамі. Прычым рабілася гэта па начах, бо ўдзень была іншая работа. Узгадвала, як сямігадовым дзіцём заставалася дома адна, па гаспадарцы ўходжвалася, курэй карміла. Мама працавала на калгасных палях тыднямі. Дачцэ нейкую ежу пакідала, але яна магла і сама з-пад курэй яйка ўзяць, прыгатаваць сабе.
Кажа, што зараз дзіця нельга ў такім узросце дома пакінуць аднаго: хату, сябе спаліць. А раней дзеці спакойна заставаліся і гаспадарылі.
У сям’і страцілі трох дзетак. Урэшце і Ганна Раманаўна асірацела, засталася адна, давялося пераехаць. Спачатку было цяжка. Хата на краі вёскі. Яна баялася ўвечары выйсці ў двор, таму што страшыў лес навокал і цішыня. Ліса часта курэй душыла. Калі перабраліся сюды, прывезлі з сабой качку, вывеліся качаняты, але ліса ўсіх паела. І гусака, і качку, і качанятак.
Зараз трымаць курэй сілаў не стае. «Пратрымаю да зімы і больш не буду. Вось адну курачку каршун забіў».
Раней Ганна Раманаўна вельмі любіла вышываць, паказала нам свае цудоўныя вышыўкі. Завяла ў хату, а яна ўся ўбраная вышыўкамі, рушнікамі, якія наша гераіня сваімі рукамі ткала і вышывала. Рабіла казачныя мярэжкі з вельмі прыгожай вышыўкай. Было, што ў яе куплялі рушнікі ручной работы.
Захавалася і самаробная кашуля, якую яна насіла.
Ганна Раманаўна вельмі добразычлівая і ветлівая. Пра сябе сказала, што яна актыўная і сочыць за парадкам. Ёй не падабаецца, што рака каля дома стала зарастаць. Яна намагаецца прыцягнуць увагу да таго, што трэба касіць. А калі пракладвалі газаправод, яна хвалявалася, каб усё зрабілі добра. Ездзіла ў сельсавет, калі бачыла непарадак. Вось прывезлі будаўнічыя матэрыялы і проста пакінулі — дык сачыла, каб дабро не знікла. Пільнавала, каб работу давялі да канца, каб не заставалася напаўзасыпанай дарога. Нават пагражала, што паедзе да начальства ў Мінск. Гэтага аказалася дастаткова, і на наступны дзень прыехалі і ўсе пытанні вырашылі.
Насупраць хаты яна калісьці пасадзіла некалькі бярозак. Цяпер яны разрасліся, пад імі растуць смачныя грыбы.
Сваю хату Ганна Раманаўна прадае: няма сіл даглядаць. Работу любіць, суседкі сварацца, што шмат працуе, бо ў яе тады ціск расце. А калі скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, яны кажуць: «Ты, мабыць, цішком у полі працавала». Працаваць ёсць вялікае жаданне, але здароўе не дазваляе. Сказала, што як хату прадасць, пераедзе ў горад.
Мы ад’язджалі, і Ганна Раманаўна перажагнала нам дарогу. Унукі, пагасціўшы, перад ад’ездам заўсёды яе просяць: «Бабуля, перажагнай нам дарогу». І мы папрасілі. Для яе гэта цэлы рытуал: правяла нас, зайшла за машыну, перажагнала, пакланілася…
Было вельмі прыемна на душы ад сустрэчы з такім добрым і шчырым чалавекам.